Четверг, 21.09.2017, 00:53
Приветствую Вас Гость | RSS

Когниция (исследования, материалы)

Категории раздела
Философия бытия [42]
Публикации по философской проблематике.
Эзотерика, метафизика, мистика [142]
Исследования и материалы профессора А. Ф. Рогалева
Неизвестная история [43]
Анализ сложных, запутанных или неизученных страниц истории и отдельных исторических артефактов.
Языкознание [60]
Материалы по разным вопросам языковедения, лингвистической теории и практике.
Происхождение названий стран и народов [19]
Объяснение названий стран земного мира в связи с их начальной историей и наименованием основного населения.
Ойконимия Беларуси [16]
Объясняется происхождение ойконимов - названий городов, городских посёлков, дервень, находящихся в пределах Республики Беларусь.
Названия рек и озёр Беларуси [98]
Анализируются гидронимы, фиксируемые в пределах Республики Беларусь. Объясняется их происхождение.
Гидронимия России [39]
Объясняются названия водных объектов, существующих на территории Российской Федерации. По материалам исследований профессора А. Ф. Рогалева.
Гидронимия Украины [13]
Анализируются названия рек и озёр, находящихся в пределах Украины. Исследования профессора А. Ф. Рогалева.
Микротопонимическая лексика [58]
Объяснение названий малых географических объектов. Из исследований профессора А. Ф. Рогалева.
Антропонимические исследования. Имя и личность. Жизненная программа. [83]
По материалам книг: А. Ф. Рогалев. Историческая антропонимия Гомеля и окрестностей (Гомель, 2009); А. Ф. Рогалев. Введение в антропонимику... (Брянск, 2009; А. Ф. Рогалев. Имя и личность (Гомель, 2013).
Парапсихология [26]
Комментарии профессора А. Ф. Рогалева к действиям, поступкам и состояниям конкретных людей и персонажей художественных произведений.
Художественные образы [36]
Анализ литературных произведений и фильмов, снятых по литературным произведениям.
Комментарии к фильмам [94]
Отзывы, рецензии, заметки профессора А. Ф. Рогалева о просмотренных художественных фильмах.
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Каталог статей

Главная » Статьи » Ойконимия Беларуси

Паходжанне назвы населенага пункта Карма / з даследаванняў прафесара А. Ф. Рогалева

В городском посёлке Корма Гомельской области. Фото Дмитрия Ивченко.

Паходжанне назвы населенага пункта Карма / з даследаванняў прафесара А. Ф. Рогалева

Пра назву гарадскога пасёлка і сучаснага раённага цэнтра Гомельскай вобласці Карма, вядомага па пісьмовых помніках з 1691 года, расказваюць наступнае. Яна, хутчэй за ўсё, звязана з будаўніцтвам суднаў, лодак, чаўноў (нездарма геаграфічная назва супадае па сваёй форме з агульным словам карма). Старажылы сведчаць, што ў наваколлях вёскі Струмень Кармянскага раёна, размешчанай побач з Сожам, ёсць так званае Карабельнае балота, у якім быццам бы раней знаходзілі рэшткі старажытных суднаў.

Гэтая версія цікавая тым, што ёй адшукваюцца прамыя паралелі ў іншых мясцінах Гомельскай вобласці, напрыклад, у Добрушскім раёне. Тут таксама ёсць населены пункт пад назвай Карма, цэнтр сельсавета. Згодна з мясцовым паданнем, на месцы добрушскай Кармы калісьці было мора, і ў ім затануў карабель, толькі адна карма яго доўгі час тарчала з вады. Таму і вёску назвалі – Карма. У наваколлях Кармы, ў трох-чатырох кіламетрах на поўнач ад сучаснай вёскі, існавала ўрочышча, якое старажылы яшчэ параўнальна нядаўна называлі Карабелішча. Гэтае месца ўяўляла сабой балоцістую лагчыну, якая па сваёй канфігурацыі нагадвала карму карабля.

Такую інфармацыю цяжка аспрэчваць, тым больш што вёска Карма сапраўды ўзнікла на ўзвышшы сярод балот і заліўных нізін рэчкі Хорапуць. Гэтыя балоцістыя месцы пад назвай Карабелішча і былі тым легендарным “морам”, па якому плавалі караблі.

Сюжэт аб “караблях” і “моры” мы запісалі яшчэ і ў вёсцы Лагуны Добрушскага раёна. Неафіцыйная назва гэтага населенага ункта – Караблішча. Старажылы Лагуноў вераць, што на месцы іх вёскі было мора, па якому плавалі караблі. У гэтым “моры” патануў неяк сын адной жанчыны, і тая ў роспачы ўзяла шчотку і грэбень, якімі часалі лён, кінула ў мора і пракляла яго. Ад гэтага пракляцця мора высахла. Паблізу Лагуноў таксама існавала вільготная, балоцістая нізіна, якую мясцовыя жыхары называлі Караблішча і побач з якой пачыналася вёска (адсюль – яе неафіцыйная назва). Неабходна адзначыць, што вёска пад найменнем Караблішча маецца яшчэ ў адным месцы гомельскага Пасожжа – ў Роўкавіцкім сельсавеце Чачэрскага раёна.

І ўсё ж нагаданыя паданні і нават самі назвы не дазваляюць безагаворачна згадзіцца з народнай версіяй аб узнікненні назвы Карма. Судны і лодкі ў пэўных мясцовасцях маглі сапраўды вырабляцца, тым больш, што ўсе пералічаныя пасяленні размяшчаліся паблізу водных шляхоў. Аднак гэтая акалічнасць не прычынілася непасрэдна да ўзнікнення найменняў тыпу Карма, Караблішча, Карабелішча. Калі б так было на самой справе, то ў абодвух населеных пунктах, якія носяць назву Карма, відаць, не існавала б іншых паданняў пра паходжанне геаграфічнага імя.

Згодна з яшчэ адным паданнем, назва Карма ўтварылася ад слоў карміць, корм. У добрушскай Карме расказваюць, што вёска быццам бы ўзнікла на месцы тракту, які ішоў з Гомеля на Навазыбкаў, Старадуб і Бранск. Там жа, дзе цяпер Карма, быў заезны двор, а ямшчыкі нават прымаўку ведалі, якая па-руску гучала так: “До кормежки – полдорожки, там корма – почти дарма”.

У райцэнтры Карма нам пашчасціла запісаць трохі іншы варыянт падання. У даўнія часы праз Карму праходзіў тракт Чачэрск – Прапойск (Слаўгарад), у самой жа Карме падарожнікі рабілі прыпынак, адпачывалі і кармілі коней. Гэты пункт быў заснаваны быццам бы падчас падарожжа рускай імператрыцы Кацярыны II ці то ў Крым, ці то па ўсходняй частцы Беларусі пасля далучэння яе да Расіі ў 1772 годзе.

Нарэшце, згодна з трэцім тлумачэннем, назва Карма звязана з сістэмай “кармленняў” XIVXVI стагоддзяў. У тыя часы баяры і шляхта атрымлівалі права на выкананне сваіх абавязкаў перад вялікім князем у выглядзе збірання “кармоў” з пэўных мясцовасцей. Права на “кармленне” заключалася не толькі ў зборы “кармоў” (падаткаў) натурай і грашыма, але і ў кіраванні пэўнай тэрыторыяй.

На нашу думку, усе тры нагаданыя версіі з’яўляюцца звычайнымі тапанімічнымі паданнямі. Зразумела, што ў пасяленнях, размешчаных на шляхах і паштовых трактах, звычайна існавалі заезныя двары. Але такія двары будаваліся не на пустых месцах, не ў лесе і не ў полі, а ў тых населеных пунктах, якія ўжо мелі свае назвы, бо існавалі ў адпаведнай мясцовасці нярэдка здавён-даўна. Вось чаму паданні аб узнікненні пасяленняў пад назвай Карма, хоць і абапіраюцца на пэўныя гістарычныя факты (існаванне заезных двароў, старадаўніх паштовых трактаў і шляхоў і г. д.), не даюць правільнага і вычарпальнага адказу на пытанне аб паходжанні назвы. Тое ж можна сказаць і пра паданне-версію наконт сістэмы “кармленняў”.

Што ж датычыць “марскіх” найменняў – Караблішча, Карабелішча, то ў дадзеным выпадку неабходна сказаць наступнае. Нашы далёкія продкі для абазначэння аднолькавых геаграфічных рэалій – балотных масіваў, вільготных нізін і г. д. – выкарыстоўвалі нярэдка адны і тыя ж назвы. Апошнія ў мове наступных пакаленняў перайначваліся, паступова змяняліся, пакуль не прынялі свой сучасны выгляд. Толькі пасля гэтага ўзніклі ўяўленні аб “моры” і “караблях”. У далёкім жа мінулым найменні Караблішча, Карабелішча і Карма ўспрымаліся зусім інакш і выклікалі зусім іншыя асацыяцыі.

Геаграфічныя найменні тыпу Караблішча, Карабелішча, хутчэй за ўсё, ўзыходзяць да першапачатковых форм Харобра, Харабра (Харабрышча). Даведнікі пачатку XX стагоддзя фіксавалі ў Верхнім Падняпроўі рачулкі пад назвамі Харабарка, Харабр, Храбра, Харобра. Гэтыя найменні складаюцца з дзвюх частак: хар і бар, бра. Першую частку вучоныя тлумачаць пры супастаўленні з іранскім геаграфічным тэрмінам хар у значэнні “цячы”. Другая каранёвая аснова мае значэнне “глыбокі, глыбіня” таксама пры тлумачэнні з іранскіх моў (у асецінскай мове, напрыклад, слова арф разумеецца як “глыбокі”).

Заўважым, што з іранамоўнымі плямёнамі ўсходнія славяне мелі трывалыя кантакты яшчэ да ўтварэння Кіеўскай Русі. На іранскіх мовах размаўлялі, напрыклад, часткова скіфы, якія жылі ў Паўночным Прычарнамор’і і прыазоўскія сарматы. Іранскія этнадыялектныя групоўкі ў першыя стагоддзі новай эры пражывалі нават у дняпроўскім лесастэпавым левябярэжжы. Іранскія гідронімы (назвы водных аб’ектаў) выяўляюцца даследчыкамі ў Падзясенні. Нашы факты паказваюць, што тапанімічныя “сляды” старажытнага іранамоўнага насельніцтва маюцца і ў Пасожжы.

Такім чынам, назвы Харабра, Харобра і падобныя на іх у асобных выпадках “перапрацоўваліся” ў больш зразумелыя па сугуччы са словам карабель. Гэта здаралася тады, калі назвы былі звязаны з месцамі сталых пасяленняў, якімі і з’яўляліся, напрыклад, Карма (у абодвух выпадках), Лагуны (Караблішча) і іншыя.

Назва Карма, на наш погляд, таксама звязана са старажытнымі часамі і мае даславянскія вытокі. Яна, як і найменні Караблішча, Карабелішча, Харабра, Харобра, звязана з воднымі аб’ектамі (нездарма ўзніклі паданні пра “караблі”, “мора”, пра выраб суднаў, чаўноў, лодак). У басейне Сожа вядомы рэчкі Хармінка (Хармынка), у парэччы Акі – Кармалей, Кармянка, Карман, Курмышка. Усё гэта – невялікія вадацёкі, нават ручаі. Многія рачулкі з назвамі Кармянка, Курмышка, Кармалейка зніклі, а іх рэчышчы ператварыліся ў равы, вільготныя нізіны. Часам толькі назва населанага пункта нагадвае аб былой рэчцы.

Дарэчы, населеных пунктаў пад назвай Карма на тэрыторыі Беларусі існуе нямала. Акрамя нагаданых, адзначым яшчэ аднайменныя вёскі ў Акцябрскім, Ельскім, Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, Барысаўскім, Бярэзінскім, Уздзенскім раёнах Мінскай вобласці, а таксама ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Пасёлкі Карма вядомы ў Круглянскім і Чэрыкаўскім раёнах Магілёўшчыны. У мінулым пасяленні з такой жа назвай існавалі ў Чачэрскім, Жлобінскім, Светлагорскім раёнах Гомельскай вобласці і ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці.

Як бачым, назва Карма ў адносінах да населеных пунктаў сустракаецца галоўным чынам на ўсходзе і паўднёвым усходзе Беларусі, што не выпадкова. Менавіта тут у сівой старажытнасці пражывалі асобныя плямёны фіна-уграў. Менавіта на аснове фіна-угорскіх гаворак і моў можна, як мы мяркуем, растлумачыць спрадвечны сэнс назвы Карма. Корань карм-, корм-, курм-, магчыма, будзе зразумелым пры супастаўленні з эстонскім словам курм – “заліў”, “вугал” ці фінскім куурна – “жолаб”. Цікава, што ў лагчыне Карабелішча побач з добрушскай Кармой некалі працякала рэчка Кармушка, у якой вадзілася шмат рыбы. У гэтай сувязі цікава адзначыць, што ў рускіх архангельскіх гаворках зафіксавана слова запазычанае з фіна-угорскіх моў курма ў значэнні “пастка для рыбы”. Відаць, некаторыя рэчкі, якія носяць найменні Кармянка, Карма, Кармалейка, пракопваліся штучна побач з нейкім больш вялікім вадацёкам ці возерам і прыстасоўваліся для прынады і лоўлі рыбы. Райцэнтр Карма размешчаны паблізу ракі Сож, у якую якраз і ўпадае рачулка-ручай Кармянка.

© А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). – 2-е выд. – Гомель: Барк, 2011. Спасылка абавязковая.

Категория: Ойконимия Беларуси | Добавил: Нет (06.04.2017)
Просмотров: 47 | Теги: топонимия Беларуси, ойконимы | Рейтинг: 5.0/1
Вход на сайт
Поиск

Copyright MyCorp © 2017
Бесплатный конструктор сайтов - uCoz